Запрашаем вас на экскурсію ў наш школьны музейны пакой
«Сцежкамі мінулага»
Музейны пакой складаецца з дзвюх частак. Першая – этнаграфічная (асноўная) - прысвечаная культуры, традыцыям і быту нашага беларускага народа, другая – гістарычная, прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны.
У зімовы час сялянская хата ператваралася ў рамесную майстэрню. Тут па вечарах пры святле лучыны рабілі лыжкі і посуд, плялі лапці і кошыкі, ткалі і шылі адзенне.Распавядаючы пра культуру і побыт беларусаў, трэба абавязкова прадставіць іх паўсядзённыя заняткі.Таму наша экскурсія працягваецца размовай аб народных рамёствах і промыслах. У іх болш за ўсё высвятляліся творчая фантазія, мастацкі густ і талент нашага народа.
Апрацоўка дрэва на Беларусі спрадвеку была адным з важнейшых і найбольш распаўсюджаных заняткаў. Дрэваапрацоўка падзялялася на: цяслярнае (плотніцкае), сталярнае, бандарнае, даўбёжнае, такарнае рамёствы; разьбу па дрэву і пляценне. Усе яны прадстаўлены на наступных экспазіцыях.
Кавальства таксама было распаўсюджана на беларускіх землях здаўна. Кавальскія вырабы патрэбны былі як сялянам, так і жыхарам гарадоў і мястэчак.
Быў на капальні,
Быў на таптальні,
Быў на кружары,
Быў на пажары.
На базары стаў –
Людзей карміць стаў.
Што гэта? Правільна – керамічны посуд.
Вось ён перад намі… Але ж які ён розны: чорнаглянцавы(задымлены) – з поўначы, а рабы – з поўдня Беларусі. Кухонны посуд(для гатавання ежы), посуд для захоўвання і транспартавання прадуктаў, сталовы посуд, сасуды для піцця, дэкаратыўная кераміка, цацкі – прыклады гэтых вырабаў можна знайсцi ў нашым музеі.
Сярод вырабаў, прадстаўленых у музейным пакоі, увагу прыцягвае посуд, абмотаны дротам, – так замацоўвалі яго, калі ён трэснуў. Сёння пабіты посуд мы з вамі часцей за ўсё выкідваем, а нашы продкі ў тагачасных цяжкіх умовах жыцця павінны былі праяўляць незразумелую нам беражлівасць.
Сярод старажытных промыслаў на Беларусі найбольш распаўсюджаным было ткацтва – складаны працэс, для якога патрабаваліся шмат прыстасаванняў і прылад. Многія з іх сабраны ў нашым музейным пакою.
Наша музейная зала мае багатую калекцыю адзення, якая прадстаўлена у гэтай экспазіцыі – мужчынскае і жаночае, паўсядзённае і святочнае. Аснову мужчынскага адзення складалі кашуля і штаны(нагавіцы). Кашулю насілі навыпуск, паверх штаноў, пад пояс. Кішэняў у штанах не было, і неабходныя рэчы(крэсіва, нож) насілі ў скураной сумцы або падвешвалі да пояса.У жаночае адзенне уваходзіла доўгая палатняная кашуля (сарочка) і спадніца. У дапаўненне да гэтага жанчыны насілі фартухі і безрукаўкі.
Адзенне і тканыя вырабы захоўвалі ў чысціні і парадку ў куфрах(сундуках). У нашым музеі ёсць і хатнія, і падарожныя куфры, сцягнутыя жалезнымі стужкамі.
Ручнікі ў паўсядзённым карыстанні ўжываліся для выцірання твару і рук(так званыя ўціркі), а таксама на кухні (трапкачы). Дэкаратыўныя ручнікі былі ўпрыгожаны вытканым або вышытым арнаментам. На жаль, большасць наведвальнікаў нашага музея не ведае ні сэнсу вясельнага ручніка з вышытым пацалункам дзвюх птушак, ні прызначэння вытканых пасак на ручніку свата (кожная з іх вышывалася пасля паспяховага сватаўства).
Пляценне было шырока распаўсюджана на Беларусі па прычыне існавання даступнага прыроднага матэрыялу. Акрамя таго, плеценыя прадметы былі зручнымі ў карыстанні, а іх выраб не патрабаваў складаных прылад працы. Шмат вырабаў плялі сумесна: з лазы і саломы. Гэта рознай формы карабы (вялікія) і каробкі (меншыя). Сявенкі – плеценыя карзіны, якія выкарыстоўваліся падчас сяўбы. Жбан – невялікая ёмістасць для збірання і захоўвання ягад. Гарнец – мера для зерня.
Акрамя саломы і лазы, для пляцення выкарыстоўвалі лыка(кара маладой ліпы), з якога рабілі лапці і вярэнкі – сумкі рознай формы для пераноскі прадуктаў і гародніны
Але ж нават вядомыя і простыя на першы погляд рэчы, напрыклад, маленькі кошык, маюць сваю цікавую гісторыю: яна сведчыць аб тым, як прынята было клапаціцца аб дзецях, вылучыўшы час для пляцення гэтага кошыка, і аб тым, што дзяцей з маленства прывучалі дапамагаць дарослым.
Каля краю спальнага памоста падвешвалася калыска, сплеценая з лазы. Калысцы нашага музея больш за 70 гадоў. Сёння цяжка ўявіць сабе, што чыесьці бабулі і дзядулі выгадаваліся ў ёй.
На жаль, многія экспанаты нашага музейнага пакоя зусім не вядомы наведвальнікам(асабліва гарадскім), і яны з задавальненнем разглядаюць драўляны прас-рубель, які складаўся з дзвюх частак і не патрабаваў награвання, і маслабойку незвычайнай формы.
Нашы экскурсаводы праводзяць экскурсіі на беларускай і рускай мовах.
Рыхтуецца да паказу экспазіцыя аб жыцці нашага народа ў пасляваенны час.
На гэтым скончылася наша экскурсія, але не праца нашага музейнага пакоя. Як і раней, мы будзем даследаваць гісторыю і побыт нашых продкаў.
Спадзяемся, што вас зацікавіў наш музейны пакой!
Чакаем у госці!
Да пабачэння!