Рыгор Барадулін
Г.н. 1935
Пімен Панчанка, “Паходжанне майго друга Рыгора Б.”
Ты прыйшоў з вайны і гора,
Ты – з малітвы,
Ты з разгневанага бору,
Ты смалісты.
Сто паэтаў цягнуць хорам,
Ты салістам.
Ты нібы святло ў лесе
Ад каліны,
Ты ад самай добрай песні –
Ад Куліны.
Рыгор Барадулін – народны паэт Беларусі, крытык, перакладчык, грамадскі дзеяч. Яго імя шмат што значыць у сучаснай беларускай паэзіі. У графе “прафесія” ён звычайна ставіць “літаратар”. Нават калі віратлівыя жыццёвыя пуцявіны прымусілі б яго быць інжынерам, фінансістам, медыкам, ён усё роўна быў бы паэтам. Гэта яго прызванне, яго жыццё, яго лёс. Па спосабу светаўспрымання, спосабу бачыць з’явы і рэчы ён – паэт. Гэта яго сацыяльная, грамадская, асабістая функцыя, яго натура.
Нарадзіўся паэт на хутары Верасоўка Ушацкага раёна ў сям’і рабочага ў 1935 годзе. Падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце пачынае публікавацца; пасля заканчэння БДУ працаваў у рэдакцыях газеты “Советская Белоруссия”, часопісаў “Бярозка”, “Беларусь”, “Полымя”. З 1972 г. працуе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Выступае ў друку з 1953 года. Выдаў зборнікі паэзіі “Маладзік над стэпам” у 1959 пасля паездкі разам з аднакурснікамі на збор ураджаю ў Кустанайскую вобласць, “Рунець, красаваць, налівацца” (1961), “Нагбом” (1963), “Неруш”(1966), “Адам і Ева” (1968), “Вяртанне ў першы снег” (1972), “Рум” (1974), “Абсяг” (1978), “Вечалле” (1980), “Амплітуда смеласці” (1983), “Маўчанне перуна” (1986), “Самота паломніцтва” (1990), “Міласэрнасць плахі” (1992), “Евангелле ад Мамы” (1995), творы сатыры і гумару і інш.
Тэмы творчасці Барадуліна
Ад бацькі свайго
ў радню
Я атрымаў
з дзяцінства
Шырокую даланю –
Тапарышча
любое сцісну!
Словы матчыны з Вушаччыны�(кніга «Здубавецця») �
Ён тэмпераментна дорыць жыццё слову, таму, што падуладна толькі таленту. Ад “сонца” ў крыві, ад улюбёнасці ў родную зямлю і родную мову, ад яснага ўсведамлення свайго дачынення да натуры, стыхіі, быцця. Ён не ўмее не жыць вершам, не ўбачыць паэтычны вобраз у любым выяўленні сутнага. Лёс Барадуліна , як і лёс кожнага паэта, абумоўлены сацыяльнымі карэннямі, часам, яго асабістай біяграфіяй. Тым часам, у якім жыве паэт, і тым, што існуе ў гістарычнай памяці народа. І яшчэ ў тым трэцім вымярэнні, у прасторы і часе душы, дзе адыходзіць на другі план падзейнае, фактаграфічнае, а ўзбуйняецца ў паэтычным усведамленні спрадвечнае.