Аўтар:�Бондал Аляксандра Сяргееўна��Кіраўнік:�Семілетава Людміла Генадзьеўна,�настаўнік беларускай мовы І літаратуры�
Каменская зямля багатая талентамі.
Мы ганарымся тым, што яна нарадзіла вядомых дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, творцаў: паэта Тодара Кляшторнага, прафесараў, дактароў тэхнічных навук Эдуарда Бацяноўскага і Леаніда Сцепука, актрысу Беларускага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы Ларысу Бацяноўскую, літаратурнага крытыка і драматурга Міхася Модэля.
Старажытнае гарадзішча, агр.Камень
Але ў першую чаргу нашу малую радзіму атаясамліваюць з імем Тодара Кляшторнага, паэта з трагічным лёсам, “беларускага Ясеніна”.
Мэтай дадзенай работы з’яўляецца апісанне жыцця і дзейнасці знакамітага земляка, яго поспехаў і дасягненнеў; аповед аб малой радзіме Т.Кляшторнага; сістэматызацыя звестак аб ушанаванні памяці паэта на малой радзіме.
Метады даследавання:
- Зварот у Каменскі сельскі выканаўчы камітэт за інфармацыяй аб вёсцы Парэчча і вуліцы Т.Кляшторнага агр.Камень.
І.1. Апісанне жыцця і дзейнасці
Тодара Кляшторнага
Біяграфія пісьменніка ўжо даволі вядомая шырокаму колу грамадства ў апошнія дзесяцігоддзі. У першую чаргу гэта заслуга адной з яго дачок - Тадзіяны.
Тодар Тодаравіч Кляшторны нарадзіўся 11 сакавіка 1903 года ў вёсцы Парэчча Лепельскага раёна Віцебскай вобласці.
Вёска Парэчча на карце
Наведваў Каменскую царкоўна-прыхадскую школу. Пасля службы ў войску вучыўся на рабочым факультэце (рабфаку) у г.Орша. У 1931 годзе Тодар Кляшторны скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў на радыё, у рэспубліканскіх газетах і часопісах. Быў сябрам аб’яднанняў пісьменнікаў «Маладняк», «Узвышша».
За 10 год паэтычнага жыцця ён выдаў з дзясятак паэтычных зборнікаў: “Кляновыя завеі”, “Светацень”, “Ветразі”, “Палі загаманілі”… Восенню 1936 года ( 3 лістапада) Тодар Кляшторны быў незаконна арыштаваны ў г.Мінску па адрасе вул. Фабрычная, д. 10/4, кв. 7. У 1937 годзе быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу - як «член антысавецкай арганізацыі». Расстраляны ў Курапатах.
Была канфіскавана маёмасць. Рэабілітаваны пісьменнік 8 чэрвеня 1957 года.
Тодар Кляшторны быў жанаты з Янінай Міхайлаўнай Германовіч (1909—1959), арыштаванай і асуджанай 28 лістапада 1937 года як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў выпраўленча-працоўных работ. Меў траіх дачок: Тадзіяну (ад першых складоў імёнаў бацькі і маці), Весналіну і Маю. Старэйшыя дзеці пасля арышту бацькоў выхоўваліся ў дзіцячым доме, а малодшая дачка знаходзілася разам з маці ў Акмолінскім лагеры.
Дочкі паэта
Тадзіяна Кляшторная шмат зрабіла для ўшанавання памяці бацькі на малой радзіме, пад яе кіраўніцтвам ішоў збор матэрыялаў для Каменскай бібліятэкі – музея Тодара Кляшторнага.
Паводле ўспамінаў сучаснікаў Тодар Кляшторны паўстае «чалавекам мяккага характару, бесканфліктным», са слабасцямі і дзівацтвамі. І быў ён «ні савецкім, ні антысавецкім паэтам».
Алесь Пашкевіч у прадмове да кнігі вершаў Т.Кляшторнага “Сляды дарог: Выбранае” (2003 г.) сказаў: “Ужо з першых вершаў дваццацідвух – дваццацічатырохгадовага паэта, апублікаваных у часопісах “Аршанскі маладняк”, “Полымя”, “Маладняк”, “Узвышша” стала зразумела, што ў літаратуру ідзе творца з адметным мастацкім талентам і паэтычным светапоглядам”.
Зборнік выбраных твораў з аўтографам дачкі паэта
Друкавацца паэт пачаў у 1925 годзе ў часопісе «Аршанскі маладняк». Выйшлі зборнікі паэзіі «Кляновыя завеі» (1927 г.), «Светацені» (1928 г.), «Ветразі» (1929 г.), «Праз шторм — на штурм» (1934 г.). У першую чаргу ён быў аўтарам інтымнай, пейзажнай, філасоўска – медытацыйнай лірыкі. Аднак сустракаліся творы публіцыстычнага характару, байкі, пародыі, эпіграмы.
Стварыў шэраг паэм:
«Калі асядае муць» (1927 г.), «Беларусь» (1928 г.), «Палі загаманілі» (1930 г.), «Сляды дарог» (1932 г.), «Наш кірунак дарог — на Маскву» (1933 г.) і «Радзіма» (1934 г.).
Напісаў Тодар Кляшторны і некалькі празаічных твораў - апавяданняў (напрыклад, «Праз куламесіцу часу», 1926 г.) і нарысаў («Нашы межы непарушныя», 1933 г.)
Быў таленавітым перакладчыкам - пераклаў на беларускую мову пятую частку «Прыгод удалага ваякі Швейка» Яраслава Гашэка (у суаўтарстве з З. Астапенкам, 1932 г.), раман Ф. Панфёрава «Брускі» (у суаўтарстве з М. Багуном, ч. 1, 1932 г.), «Песню Чырвонай Арміі» П. Тычыны (1934 г.), «Ленін» В. Брусава (1934 г. ), «Любімец партыі» В. Гусева (1934) і творы І. Харыкі, Г. Лахуці, А. Кутатэлі, М. Асеева, Л. Первамайскага, С. Стальскага, Р. Альбэрці, Л. Безыменскага, М. Галоднага. Пераклаў уступ паэмы У. Маякоўскага «На ўвесь голас».
Творы Т. Кляшторнага перакладаліся на літоўскую, рускую і ўкраінскую мовы.
На яго вершы І. Іваноў і М. Равенскі напісалі песні.
І.2. Звесткі аб малой радзіме
Тодара Кляшторнага
Куточак, сэрцу дарагі,
Утойвае святое штосьці.
Зліліся тут мае шляхі
І песня вечнай маладосці…
Дарога ў Парэчча
У апошні раз сваю родную вёску Парэчча Т. Кляшторны наведаў улетку 1936 года. Гэты населены пункт знаходзіцца ў самай глыбінцы, у 3 км ад аграгарадка Камень.
У пачатку 20-га стагоддзя ў вёсцы Парэчча было 23 двары, каля 180 жыхароў. Побач з вёскай знаходзіўся маёнтак Парэчча, які належыў пану Снарскаму. Гэта была сядзіба с гаспадарчымі пабудовамі.Такі тып паселішча называлі фальваркам, маёнткам ці дваром.Спалучэнне двух слоў “двор” і “Парэчча” надало назву паселішчу Двор Парэчча. Адбылося гэта акурат з прыходам да ўлады бальшавікоў у 1917 г. Апошняй уладальніцай маёнтка была Соф’я Снарская, жанчына адзінокая. Пасля таго, як усталявалася савецкая ўлада, Соф’я Снарская, пераапрануўшыся ў беднае сялянскае адзенне, непрыкметна пакінула свой маёнтак. Людзі пачалі гаварыць, што яна збегла ў Польшчу да сваякоў. Зараз Двор Парэчча нагадвае дачны пасёлак.
Хата сям’і Кляшторных, у якой прайшло дзяцінства паэта, не захавалася. Побач з тым месцам, дзе быў двор, расце вялікі дуб, які пасадзіў бацька Тодара.
На дадзены момант родныя Тодара Кляшторнага ў Парэччы не пражываюць. Памятнага знака аб творцы ў населеным пункце таксама няма.
Экскурсіі да дуба бацькі Тодара Кляшторнага
І.3. Ушанаванне асобы Тодара Кляшторнага на малой радзіме
Шмат для ўшанавання памяці Тодара Кляшторнага было зроблена яго дачкой Тадзіянай Кляшторнай.
1 сакавіка 2003 года было зацверджана Палажэнне аб пераўтварэнні Каменскай сельскай бібліятэкі ў Каменскую сельскую бібліятэку-музей імя Тодара Кляшторнага.
На працягу ўсяго гэтага часу бібліятэкарам у дадзенай установе працуе Знарок Ірына Уладзіміраўна. Намаганнямі дочак Тадзіяны Тодараўны Кляшторнай і Маі Тодараўны Кляшторнай, аддзела культуры Лепельскага райвыканкама назапашана багата экспанатаў, у першую чаргу літаратурных, узноўлены некаторыя малюнкі з быту сялянскай сям’і.
У музеі рэгулярна праводзяцца экскурсіі, распрацаваны літаратурна-краязнаўчы маршрут на малую радзіму пісьменніка-земляка Тодара Кляшторнага, праводзяцца сустрэчы з творчымі людзьмі.
У 2018 годзе да дня нараджэння пісьменніка “Лепельская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” праводзіла акцыю “Паэтычны аўтобус” сумесна з філіялам АТП №14 г.Лепеля ААТ “Віцебскаблаўтранс”.
Знарок І. У. разам з вучнямі Бароўскай сярэдняй школы і настаўнікам Семілетавай Л.Г. ажыццявілі аўдыязапіс праекта “Паэзіі чароўныя радкі: Тодару Кляшторнаму прысвячаецца”. 11 сакавіка 2018 года , у 115 – годдзе з дня нараджэння паэта, дадзены праект быў прадстаўлены Знарок І.У. для жыхароў і гасцей г.Лепеля ў гарадскім аўтобусе маршрута №5.
Вершы Тодара Кляшторнага ў выкананні вучняў нашай школы гучалі цэлы дзень у грамадскім транспарце.
Памяць аб Тодары Кляшторным ушанавана і ў назве адной з новых вуліц агр.Камень. Перад афіцыйным адкрыццём аграгарадка ў 2006 годзе праводзілася апытанне жыхароў новай вуліцы, ідэю назваць яе імем паэта падтрымалі большасцю галасоў. На вуліцы размешчаны жылыя дамы.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Асоба Тодара Кляшторная шануецца на Лепельшчыне. Яго дзейнасць і творчасць папулярная ў апошнія гады.
Плюсам у гэтай справе лічым з’яўленне вуліцы Т.Кляшторнага – талент земляка ўвекавечаны, захаваны для нашчадкаў. Аднак якраз на малой радзіме – вёсцы Парэчча - адсутнічае нават памятны знак аб тым, што тут нарадзіўся і жыў паэт.
Завечарылася бярозавая просінь,
У далях вечар дым пераліваў.
А Млечны Шлях
На сіняватых плёсах
Заранкамі дарогу вышываў.
Мне марыцца:
Нібыта той дарогай
З адвечнасці вярнуліся гады...
Я не паэт,
А хлопчык басаногі, -
За рубяжамі свет і гарады...
Т.Кляшторны – беларускі С.Ясенін