Да 110-годдзя з дня нараджэння

Ларысы Геніюш і 90-годдзя з дня

нараджэння Уладзіміра Караткевіча

Ларыса Геніюш і Орша

(даецца ў скарачэнні)

9 жніўня споўнілася 110 год з дня нараджэння выдатнай беларускай паэткі і грамадскага дзеяча Ларысы Геніюш.

C:\Users\User\Downloads\ге2.jpg

Аднак таму, што на ўроках беларускай літаратуры пра яе, мабыць, казалі хіба ў пачатку 1990-х гадоў, большасць нашых сучаснікаў пра гэту выдатную постаць Айчыны амаль нічога не ведае. Таму спачатку невялікая біяграфічная даведка пра яе з другога тома «Энцыклапедыі гісторыі і культуры Беларусі»: Геніюш Ларыса Антонаўна [27.7(9.8).1910, маёнтак Жлобаўцы, каля в. Воўпа Гродзенскага пав., цяпер Ваўкавыскі р-н – 7.4.1983], беларуская пісьменніца, дзеяч беларускага адраджэння. Скончыла Ваўкавыскую гімназію (1928). У 1937-1948 жыла з мужам-эмігрантам у Празе, дзе была сакратаром прэзідэнта Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у эміграцыі В. Захаркі, займалася захаваннем і ўпарадкаваннем прэзідэнцкага архіва, апякунствам беларускіх эмігрантаў, палітычных уцекачоў і ваеннапалонных. 5.3.1948 арыштавана, знаходзілася ў турмах Чэхаславакіі, з жніўня ў савецкіх турмах Вены і Львова, з канца 1948 у турме ў Мінску, дзе ў 1949 асуджана на 25 гадоў зняволення. Пакаранне адбывала ў лагерах Інты і Абедзь (Комі АССР) і Мардоўскай АССР. У 1956 датэрмінова вызвалена, але не рэабілітавана. Пасялілася на радзіме мужа ў Зэльве… Вершы пачала пісаць у гімназіі, друкавацца – у 1939…Паэтычнай творчасці Геніюш характэрныя цнатлівы лірызм, глыбокая народнасць і гуманізм, філасофскае асэнсаванне жыцця, моцныя хрысціянскія і нацыянальна-патрыятычныя матывы».

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін у эсэ «Унучка Францішка Скарыны альбо Зэк № 0-287» згадвае анкету, якую Ларыса Геніюш склала сабе самой, пераходзячы ўсе кругі пекла ГУЛАГа: «У градацыі савецкай я на найніжэйшай перакладзінцы: 1 – беларуска, 2 – паэтка непаслухмяная, 3 – «кулацкое отродье», 4 – зэк!!! 5 – хрысьціянка, якая верыць і не баіцца! 6 – сын у Польшчы, 7 – сябры на цэлым сьвеце, 8 – сьмяротна вінаватая за тэстамэнт… Па ўсіх гэтых пунктах адзін жах. Хоць ты не жыві на сьвеце, а я яшчэ нейк жыву. Жыву й сама дзіўлюся гэтаму».

Пра надзвычай трагічны і адначасова гераічны жыццёвы і творчы шлях Ларысы Геніюш напісана ўжо шмат. Мы спынімся толькі на тым, што звязвае яе з нашым горадам, зразумела, найперш з ураджэнцамі Оршы.

На жаль, пакуль няма падрабязнага жыццяпісу вялікай дачкі беларускага народа. З таго, што вядома, у першую чаргу з яе аўтабіяграфічнай дакументальнай аповесці «Споведзь», у нашым горадзе яна была хіба праездам, вяртаючыся з ГУЛАГу на радзіму.

Найперш яна была цесна звязана з самым славутым ураджэнцам нашага горада Уладзімірам Караткевічам, якому, дарэчы, сёлета споўнілася б 90 год.

Уладзімір Караткевіч пазнаёміўся з Ларысай Геніюш у 1962 годзе, калі разам з Я. Брылем і У. Калеснікам падарожнічалі па Заходняй Беларусі. Ён неаднаразова наведваў апальную паэтку ў Зельве, дзе яна жыла пасля вяртання з лагеру і дзе пахавана. Уладзіміра Караткевіча Ларыса Антонаўна лічыла духоўным сынам, а з яго маці Надзеяй Васільеўнай вяла перапіску. Яны знайшлі нават агульных продкаў – паўстанцаў 1863 года.

У 1967 годзе Уладзімір Караткевіч на грамадскіх пачатках падрыхтаваў да друку кнігу паэткі «Невадам з Нёмана». У лісце да Максіма Танка Ларыса Геніюш назвала яго «маім арыгінальным рэдактарам». Вядомы літаратуразнаўца Адам Мальдзіс у рэцэнзіі на кнігу пісаў: «Зборнік «Невадам з Нёмана», адрэгаваны на грамадскіх асновах У. Караткевічам і любоўна аформлены мастаком У. Басалыгам, знаёміць нас с аўтарам вялікага таленту і складанага творчага лёсу. Сваім умела сатканым невадам Ларыса Геніюш чэрпае з ракі, імя якой сапраўдная паэзія».

Праўда, Ларысу Геніюш пакрыўдзілі словы У. Караткевіча, што ён «два месяцы безвозмездно працаваў, як катаржны, над яе рукапісам»,  пасля гэтага доўгі час з ім яна не размаўляла.

 

C:\Users\User\Downloads\г1.jpg

У 1968 годзе яна разам з У. Караткевічам выступалі на настаўніцкай канферэнцыі перад выкладчыкамі беларускай мовы. У гэтым жа годзе беларускі паэт і журналіст Сяргей Панізьнік запісаў на магнітафонную стужку галасы трох творцаў-аднадумцаў: Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш і Рыгора Барадуліна. Цяпер іх можна праслухаць (гл. іл).

C:\Users\User\Downloads\гениюш.jpg

Выйшаў дыск з запісамі галасоў Уладзімера Караткевіча, Ларысы ...

Кантактуючы з дзеячамі беларускай культуры, Ларыса Геніюш часта згадвала у сваіх пісьмах асобу Уладзіміра Караткевіча, адзначаючы як станоўчыя, так і адмоўныя бакі ягонага жыцця і творчасці. Так, 21 траўня 1966 года ў лісце да А. Мальдзіса яна піша, разважаючы пра тагачасную беларускую паэзію: «Няма паэта, які прыпаў бы вогненным сэрцам да радзімай зямлі і вечны, каханы, родны говар яе апеў бы і ўзнёс пад нябёсы. Толькі ў В. Караткевіча чутно часам той «клёкат арліны», які расчульвае, уздымае. Ён глыбока думае, а разам з гэтым кахае і глыбока адчувае лёс наш…».

3 сакавіка 1968 года Ларыса Геніюш пісала свайму сябру, зэльвенскаму настаўніку і краязнаўцу Пятру Марціноўскаму: «У Караткевічы я вельмі расчаравалася. Ён дасканала піша, але так ужо п’е, што не хочацца бачыць, як гіне харошы чалавек і вялікі талент…». Адгаворвала яна злоўжываць алкаголем і лепшага сябра У. Караткевіча, будучага народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Нарэшце, ён і бросіў піць. Што дало магчымаць яму пражыць амаль да 80 гадоў і надзвычай плённа папрацаваць на ніве беларускай літаратуры.

У лісце да Зоські Верас (29 сакавіка 1969 г.) паэтка прыпісала: «Караткевіч надта разумны хлопец, як яго і з кім ажаніць? Без маці змарнуецца». Дарэчы, у хуткім часе наш зямляк ажаніўся.

17 траўня 1977 года Л. Геніюш напісала ліст маці пісьменніка Надзеі Васільеўне Караткевіч. У ім распавядала пра свае клопаты, жыццё сваіх родзічаў, якіх няўмольны лёс раскінуў па ўсёй Еўропе. «Вы там у велькім і цікавым свеце, – заканчвае яна ліст, – а мы – як дзікары сярод адных кветак, квітнеючых дрэў, сонейка і ветру! Каб да гэтага яшчэ хоць нейкіх цікавых разумных ды сваі людзі…».

Ларыса Геніюш прысвяціла Уладзіміру Караткевічу верш «Над старымі друкаванымі кнігамі» (у аўтарскім машынапісу ён мае назву «Родзічы»). Упершыню твор быў надрукаваны ў зборніку «На чабары настоена» (1982).

Адтуль гэтыя радкі:

Забыты скарб вяртаеце народу.

Тут болей сэрцу,

                                              як вачам, відно.

Ні пыл вякоў, ні час – не перашкода,

калі нашчадак з продкам заадно.

Ўсё дарагое, вырванае ў смерці

і ў небыцця,

што з пылу паднялі,

у гэту ноч

                                     схавайце ў нетрах сэрца,

каб апасля апавясціць зямлі.

Няхай раскажа час мінулы сённячы

усім забыўшым мову і свой род

пра справы слаўныя Скарынаў і Мамонічаў,

пра першы друк – наш велькі чын і ўзлёт.

Уладзіміру Караткевічу яна прысвяціла і наступныя радкі:

Толькі ведаю: ў хмарнае сёння

Ці ў няведамы заўтрашні час

Не разжалішся ты, не застогнеш,

Не адкінеш з далоняў мяча…

Уладзімір Караткевіч таксама прысвяціў Ларысе Геніюш цудоўны верш (1963):

О любоў мая, Беларусь!

Над туманным начным стаўком

Пралятае самотная гусь,

Разразаючы люстра крылом.

……………………………….

Разразаючы неба крылом.

Дарэчы, ці не вершам Ларысы Геніюш «Ёсць Край адзін» навеяна славутая караткевічава «Беларуская песня»? Параўнайце:

У Геніюш:

Ёсць Край адзін пад прамяністым небам,

Даступны сяння толькі маім сном,

Дзе тожы луг ля цёмна-сініх грэбляў

Засланы снежна-белым туманом.

У Караткевіча:

Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,

Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,

Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы

І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.

D:\2020 август\20200814_074518.jpg

На пісьменніцкім з’ездзе. Справа налева: Ларыса Геніюш, Уладзімір Караткевіч, Ніна Мацяш, Данута Бічэль, Валянціна Коўтун. Мінск, 1981 г.

На мемарыяльнай шыльдзе, якая ўпрыгожвае вуліцу Уладзіміра Караткевіча ў Оршы, ён названы народным пісьменнікам Беларусі. Хоць афіцыйна яму гэта званне пра жыцці і не надалі. А сёлета ў адным з матэрыялаў у Інтернеце, прысвечаных юбілею Ларысы Геніюш, яна названа народнай паэткай Беларуси. І гэта сімвалічна!

Яшчэ адзін аршанец, вядомы беларускі мастак-графік Мікола Купава таксама падтрымліваў сувязь з Ларысай Геніюш, наведваў яе ў Зэльве. Ён стаў аўтарам экслібрыса Ларысы Геніюш (см. малюнак).

D:\2020 август\20200814_074603.jpg

Экслібрыс Ларысы Геніюш.

Мастак М. Купава.

На старонках «Споведзі» сустрэлі мы адну нашу зямлячку. У 1948 годзе Ларысу Геніюш прывезлі ў паслеваенны Мінск, дзе пасадзілі ў вязніцу: «У камеры была нейкая Ольга Гелах (мо Гелахава? бо такое прозвішча сустракаецца ў Оршы – В.Л.) з Оршы. Яе прывезлі з лагераў, здаецца, спецыяльна для расправы нада мною. Калі я высказалася супраць гэтага здзеку, яна пачынала біць мяне кулакамі па галаве. Як я заўважыла, дык рабіла яна на загад следавацеля. Гэта была страшная, хоць не старая яшчэ асоба, на якой лагер пакінуў свае найгоршыя сляды, г.зн. жудасны слоўнік і адсутнасць абсалютная якой-колек маралі». Трэба дадаць, што Гелах была, відаць, нейкай крымінальніцай, а не палітычным вязьнем, бо ў спісе жыхароў Оршы – ахвяр сталінскіх рэпрэсій, змешчаным у кнізе «Памяць» Оршы і Аршанскага раёна, такога прозвішча няма.

Зразумела, тут далёка не ўсё напісана пра сувязі Ларысы Геніюш з ураджэнцамі нашага горада. Мне, на жаль, была даступна толькі невялікая частка эпісталярнай спадчыны паэткі, якая змешчана ў «Выбраных творах» Ларысы Геніюш, выдадзеных «Беларускім кнігазборам» у 2000 годзе. Дый літаратуразнаўцы пішуць, што шмат твораў паэткі яшчэ не надрукавана.

Так, Ларыса Геніюш лічыла сябе грамадзянкай Беларускай Народнай Рэспублікі і савецкага грамадзянства так і не прыняла. Але, веру, некалі ў Беларусі ў гонар Ларысы Геніюш будуць названы вуліцы і бібліятэкі, пастаўлены помнікі. Але галоўнае, будзе вечна жыць у беларускім народзе яе палымянае пранікнёнае патрыятычнае слова.

Віктар Лютынскі