Установа адукацыі

“Аршанскі дзяржаўны механіка-эканамічны каледж”

ІХ адкрытая абласная краязнаўчая навукова-практычная канферэнцыя

“Край Гарадзенскі“

Аршанец на чале Гродзенскага гарвыканкама

Аўтар: Каптур Арцём Аляксандравіч,

навучэнец 1-га курса

Навуковы кіраўнік: Лютынскі Віктар Паўлавіч,

выкладчык

г. Орша

2022

Змест

Уводзіны……………………………………………………………………………. 3

  1. З біяграфіі Г.В. Пяткевіча……………………………………………………4
  2. На чале Гродзенскага гарвыканкама………………………………………..7

Заключэнне………………………………………………………………………… 10

Спіс выкарыстаных крыніц………………………………………………………. 11

Дадатак……………………………………………………………………………...12

Уводзіны

У 1950-1952 гадах на чале Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта стаяў ураджэнец Оршы Георгій Васільевіч Пяткевіч (1907-1973). Мэтай нашага даследвання з’яўляецца вывучэнне біяграфіі гэтага чалавека, у першую чаргу яго дзейнасць на пасадзе старшыні Гродзенскага гарвыканкама. На цяперашні момант няма пакуль ніякіх публікаваных прац пра жыццё і дзейнасць Г.В. Пяткевіча.  Асноўны масіў дакументаў пра яго сабраны ў сямейным архіве ягонай дачкі Ігнацьевай Тамары Георгіеўны (1938 года нараджэння), якая пражывае цяпер у Оршы. Мы сустрэліся з ёю і атрымалі копіі дакументаў, запісалі яе ўспаміны пра бацьку. Асобныя дакументы пра вайсковы і грамадзянскі лёс і дзейнасць  Георгія Васільевіча мы знайшлі ў Занальным архіве города Оршы і на сайце “1941-1945 Память народа”.

У выніку зроблена першая спроба напісання навуковай біяграфіі Георгія Васільевіча Пяткевіча. У гэтым годзе спаўняецца 115-год з Дня яго нараджэння. І наша сціплая праца будзе пэўным ушанаваннем памяці гэтага выдатнага чалавека як у Оршы, на ягонай малой радзіме, так і ў Гродне, дзе яму давялося пэўны час папрацаваць на карысць аднаго з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі.

З біяграфіі Г.В. Пяткевіча

Георгій Васільевіч Пяткевіч нарадзіўся 17 красавіка 1907 года ў Оршы. Яго бацька, Васіль Цімафеевіч (1878-1954), быў земляробам з вёскі Навасёлкі Аршанскага раёна. Адслужыўшы на царскім флоце (матросам на кананерскай лодцы “Храбрый” з 1897 па 1906 год), ён атрымаў падзяку імператара і быў узнагароджаны грашыма, што дазволіла яму купіць зямлю ў Оршы. 9 жніўня 1932 года быў асуджаны на тры гады. Рэабілітаваны 9 лютага 1959 г. [3, кн. 1, с. 248].  Маці, Гелахава Анастасія Рыгораўна (1878-1972). У сям’і было чатыры сыны і адна дачка. Усе сыны былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Адзін з сыноў, Уладзімір (1922 г.н.), загінуў у 1942 годзе на фронце.

У 1924 г. Георгій уступіў у камсамол. У 1929-1931 гадах служыў у Чырвонай Арміі (у горадзе Ржэў Калінінскай вобласці). З 1931 года член Камуністычнай партыі.

У пачатку 1941 года працаваў інструктарам аддзела кадраў Аршанскага райкама КП(б) Б.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў Чырвонай Арміі. Меў званне капітана.  Удзельнічаў у абароне Масквы як палітрук роты 2-га асобнага батальёна 64-й стралковай брыгады.. Быў паранены і кантужаны. У наградным лісце, складзеным 30 сакавіка 1944 года, так апісваецца яго баявая біяграфія: “Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня месяца 1941 г. З верасня 1941 г. па студзень месяц 1942 года ўдзельнічаў у баях Зах. фронта і пад Масквой у складзе 64-й стралковай брыгады палітруком роты. У раёне ст. чыг. Лугаўская пад Масквой кантужаны, застаючыся доўгі час на полi бою – прастыў. Пасля 4-х месячнага шпітальнага лячэння па стане здароўя звольнены з РСЧА. У дадзены час працуе інструктарам ваеннага аддзела Зах. Казахстанскага абкама КП (б) К. Ня гледзячы на дрэнны стан здароўя т. Пяткевіч шмат працуе на сваёй працы інструктара АК КП (б) К і аказвае вялікую аператыўна-практычную дапамогу органам МОВУ ў пошуку і мабілізацыі людскіх рэсурсаў патрэбных фронту і прамысловасці. Асабіста сам аказвае вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы рэзерваў для Чырвонай Арміі на ваенна-вучэбных пунктах Усевобуча горада Уральска. Мае добры водгук за працу ў абкаме партыі, карыстаецца аўтарытэтам у гарадской партарганізацыі. Чуйны і спагадлівы на запыты сем’яў ваеннаслужачых” [6].

За баявыя заслугі Георгій Васільевіч Пяткевіч быў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі (15.12.1944, 06.08.1946), медалямі “За абарону Масквы”(1944), “За Перамогу над Германіяй” (1945), “За доблесную працу” (1945).

З чэрвеня  1944 года па верасень 1950 года працаваў старшынёй Аршанскага гарвыканкама. Гэта быў самы цяжкі перыяд аднаўлення разбуранай вайной гаспадаркі. Па ўспамінах сучаснікаў, “Орша была ў суцэльных руінах – адны разваліны і папялішчы. Калі на ўскраінах прыватны сектар сяк-так захаваўся, то ў цэнтры нічога акрамя грудаў пабітай цэглы, скарожанага жалеззя ды арматуры, глыбаў цэменту ды каменння не было. З зямлі тырчэлі бляшаныя трубы, з якіх няспынна ішоў кволы дымок. У тых падвалах ды зямлянках і знаходзілі прыстанішча інваліды, старыя ды дзеці, салдацкія ўдовы. І дагэтуль пры ўспамінах пра тое “жыллё” кідае ў дрыжыкі, бо нічога, акрамя мерзлаты, цемры ды сырасці там не было” [1]. Менавіта Георгій Васільевіч узначальваў гарадскую камісію па ўсталяваннi і расследваннi злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і нанесенага ім ўрону на тэрыторыі г. Оршы [2, фонд 27, воп. 1, спр. 1, арк. 16].

Дзякуючы працоўнаму подзвігу аршанцаў, горад быў адноўлены. І вялікая заслуга ў гэтым першага пасляваеннага старшыні гарвыканкама. Цікавыя сведчанні пра яго пакінулі ветэраны аховы здароўя Оршы: “Мы неаднаразова бачылі, як у 5-6 гадзін раніцы праз бальнічны двор ён ужо ішоў на будоўлю маста цераз Аршыцу, які вёў да вакзала. Мы ведалі, як ён радаваўся, калі здолеў вывезці сем’і з зямлянак. Былі і сведкамі хуткага аднаўлення будынкаў устаноў аховы здароўя. Ды ўсяго не пералічыш. А сам ён з мнагадзетнай сям’ёй так і застаўся ў старой хатцы, урослай у зямлю. Будучы інвалідам вайны з кійком… пешкам абыходзіў будоўлі і на работу ў свой кабінет прыходзіў, ведаючы ўжо як след тое, дзе і як ідуць гарадскія справы” [4].

1 студзеня 1949 года ў сувязі з 30-годдзем БССР і за дасягнутыя поспехі ў развіцці і аднаўленні прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі, культуры і мастацтва Георгій Васільевіч Пяткевіч быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

З верасня 1950 года па жнівень 1952 года Георгій Васільевіч Пяткевіч працаваў старшынёй Гродзенскага гарвыканкама. Але пра гэта больш падрабязна ў другім раздзеле нашай працы.

З выхадам на пенсію (быў пенсіянерам рэспубліканскана значэння) Г.В. Пяткевіч працаваў пазаштатным намеснікам старшыні Аршанскага гарвыканкама. Сярод іншых ягоных грамадскіх пасад была пасада старшыні назіральнай камісіі па датэрміновым вызваленни зняволеных. А ў Оршы ў той час было аж тры ўстановы пенітэнцыярнага тыпу. Многія былыя зняволеныя былі вельмі ўдзячны Георгію Васільевічу за спрыянне ў іхным лёсе. Па ўспамінах дачкі, многія былыя зняволеныя прыходзілі нават да іх дамоў, каб падзякаваць Георгію Васільевічу.

У Георгія Васільевіча з жонкай  Соф’яй Іллінічнай была моцная шматдзетная сям’я. Усе пяць ягоных дзяцей (тры сыны і дзве дачкі) атрымалі вышэйшую адукацыю, сталі сапраўднымі працаўнікамі і грамадзянамі. І ў тым, што ўсе дзеці занялі дастойнае месца ў грамадстве, – прыклад бацькоў, іх працавітасць, адказнасць перад людзьмі і сумленнем. Іх сціпласць, дабрыня – адыгралі не апошнюю ролю. Георгій Васільевіч быў старэйшым у сям’і і для ўсіх з’яўляўся мудрым дарадцам. А яшчэ ён быў вялікам аматарам прыроды, нездарма працаваў таксама на грамадскіх пачатках намеснікам стыршыні Аршанскага гарадскога таварыства “Аховы прыроды”, спрыяў азеляненню роднага горада, захаванню чыстымі нашых паркаў і вадаёмаў.

Памёр Г.В. Пяткевіч 1 мая 1973 года [3, кн. 2, с. 416]. Шмат хто выказаў тады смутак з гэтай нагоды. Так, ганаровы грамадзянін Оршы, вядомы татарскі паэт Закі Нуры (Нурутдзінаў З.Ш.), які ў 1944-1946 гадах працаваў намеснікам старшыні Аршанскага гарвыканкама, напісаў ліст аршанцам і сям’і Георгія Васільевіча. Прывядзем яго амаль цалкам: “Даведаўся аб вашымі вялікім горы і смутку з нагоды смерці нашага старэйшага сябра, вернага таварыша, сардэчна спачуваю вам, перадаю сардэчныя спачуванні, прашу знайсці магчымасць духоўна вытрымаць гора, якое вас пасцігла, і перажыць смутак мужна, як мужным быў мой старшыня гарвыканкама!” Труна з целам нябожчыка была выстаўлена ў галоўнай зале гарвыканкама. Развітацца з першым пасляваенным старшынёй гарвыканкама прыйшоў тады амаль увесь горад. Хавалі яго з воінскімі ўшанаваннямі.

  1. На чале Гродзенскага гарвыканкама

Георгій Васільевіч Пяткевіч працаваў на пасаде старшыні гарадскога выканаўчага камітэта г. Гродна з верасня 1950 года па жнівень 1952 года. Пры зацвярджэнні на пасадзе старшыні бюро гаркама КП (б) Б абавязала (запісана ў пратаколе) гарвыканкам (т. Пяткевіча):

А) да 1-га мая 1951 г. пабудаваць водную станцыю на р. Нёман.

Б) да 1-га студзеня 1951 г. вызваліць для фізкультурнага тэхнікума спартзалу, занятую фабрыкай таварыства сляпых.

Прапанаваць гарвыканкаму вырашыць пытанні аб будаўніцтве ў 1951 годзе гарадскога дзіцячага стадыёна і аб выдзяленні тэрыторый, занятых прыватнымі агародамі, для будаўніцтва спортпляцовак пры прадпрыемствах, арганізацыях, навучальных установах.

Трэба нагадаць, што Гродна быў разбураны ў выніку вайны на 43%, у т.л. знішчана 25% жылога фонду, прамысловыя прадпрыемствы, электрастанцыя, паравознае дэпо, вакзал, многія школы, бальніцы, будынкі культурна-асветніцкіх устаноў. Матэрыяльныя страты склалі 252,3 млн. руб. (у цэнах 1941). [5, с. 152].

На пасяджэннях гарвыканкама, сесіях слухаліся пытанні паляпшэння санітарнага стану горада, перайменаваннях некаторых вуліц. За кошт домаўладальнікаў вялася работаа па вырабе і ўсталяваннi нумарных знакаў і іх асвятленні. Вялося электразабеспячэнне жылых дамоў.

У 1950 г. на базе кафляна-плітачнага завода №1а, вапнавага завода №5 і цагельнага завода №20 ўтвораны Гродзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў (цяпер філіял №5 Гродзенскі КБМ). У 1952 г. быў заснаваны Гродзенскі рамонта-падшыпнікавы завод (цяпер ААТ “Белкард”).

У 1950-я гады пачалася гісторыя Гродзенскага завода такарных патронаў (“БелТАПАЗ”).

Ужо ў 1950 годзе Гродзенская вобласць дала прадукцыі ў тры разы болей, чым у 1940 годзе.

У 1950-1952 гадах у горадзе адчыняліся медыцынскія ўстановы, якія абсталёўвалiся новым абсталяваннем, бібліятэкі, дзіцячыя музычныя школы.

Актыўна вялося будаўніцтва і аднаўленне жылля, дзіцячых садоў, школ.

На пасяджэннях гарвыканкама абмяркоўваліся пытанні дрэннай работы арцелі “Чырвоная Зорка”, аб выпуску неяякаснай прадукцыі; аб вялікай крэдыторскай і дэбіторскай запазычанасці па прадпрыемствах абутковай прамысловасці, піўзавода і вінзавода; аб парушэнні працоўнай дысцыпліны ў калектывах арцеляў “Прагрэс”, “Гігіена”, гарпрамкамбіната і іншых.

17 студзеня 1951 года ў Маскве І.В. Сталіным была падпісана Пастанова Савета міністраў СССР №145 “Аб арганізацыі сельскагаспадарчага інстытута ў Гродне БССР”. У адпаведнасці з ёю ў будынку былога рэальнага вучылішча па вуліцы Акадэмічная, 10 быў адкрыты сельскагаспадарчы інстытут з агранамічным і заатэхнічным факультэтамі. 5 кастрычніка пачаліся заняткі. Было прынята 125 студэнтаў. У былой каралеўскай сядзібе Станіславава была адчынена гаспадарка для інстытута. Гарвыканкамам прадстаўлялася жыллё для выкладчыкаў.

Па ўспамінах Т.Г. Ігнацьевай, Гродна быў цікавы для яе бацькі вузкімі вулачкамі, мураванкамі. Сам родам са старажытнага горада ён любіў даўніну. Яму падабаліся старыя своеасаблівыя дамы, храмы. Ціхая размова месцічаў, культура адносін між імі. Галоўная вуліца Элізы Ажэшкі. Хто гэта? Прайшоў усю вуліцу, пастаяў ля помніка, наведаў старыя могілкі, дзе яна пахавана. Хадзіў пад ўражаннем, што ўся магіла была ў жывых кветках. Мы яму знайшлі кнігу Э. Ажэшка “Над Нёманам”. Спадабалася. Зблізіўся з многімі калегамі, з Сяргеем Восіпавічам Прытыцкім, які на той час (1949-1952) быў першым сакратаром Гродзенскага абласнога камітэта КПБ. Былі  сем’ямі з ім на Нёмане, купаліся і адпачывалі. Сяргей Восіпавіч запомніўся інтэлігентным, прыветлівым, цікавым чалавекам. Усё гаварыў аб добрым жыцці, цішыні, шчасці. Потым сустракаліся з ім  у Мінску.

Па стане здароўся (з-за кантузіі меў праблемы з сэрцам, часта губляў прытомнасць) Г.А. Пяткевіч пакінуў пасаду старшыні Гродзенскага гарвыканкама. На прыканцы жыцця бацька лічыў Гродна прыгажэйшым горадам Беларусі. Унукі нядаўна ездзілі ў Гродна, наведалі тыя мясціны, дзе хоць і нядоўга жыў і працаваў іх дзядуля, сфатаграфаваліся ля дома па вуліцы Уладзіміра Леніна, 19, дзе ён жыў. Шмат што змянілася. Гродна яшчэ больш папрыгажэў. Ён – буйны прамысловы і культурны цэнтр краіны. У гэтым ёсць хоць і маленькі ўнёсак майго бацькі і іх дзядулі.

Заключэнне

Наша даследчая праца з’яўляецца першай спробай навуковай біяграфіі Георгія Васільевіча Пяткевіча, ураджэнца горада Оршы, выдатнага чалавека, які ўнёс значны ўнёсак у развіццё гарадоў Оршы і Гродна.

Спадзяёмся, што наша праца будзе спрыяць ўшанаванню памяці на яго радзіме, напрыклад, у перайменаванні адной з вуліц ў яго гонар. Аб гэтым яшчэ ў 1990-я гады пісалі на старонках мясцовай прэсы многія людзі, якія з ім працавалі, яго добра ведалі.

Сёлета спаўняецца 115 год з Дня нараджэння Георгія Васільевіча Пяткевіча і наша невялікая даследчая праца будзе фактам ушанавання памяці земляка. А вывучэнне біяграфіі Г.В. Пяткевіча будзе працягнута.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Дзедзінец А. Сам ён пра “ганаровага” не думаў / Аршанская газета. – 1993. – 23 ліпеня.
  2. Занальны дзяржаўны архіў у г. Оршы.
  3. Памяць: Гіст.- дакум. хроніка Оршы і Аршанскага раёна: У 2 кн. Рэд. кал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мн.: БелЭн, 1990-2000.
  4. Усевіч М. і інш. Назваць бы яго імем / Аршанская газета. – 1994. – 3 верасня.
  5. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3. Гімназіі – Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э.Э Жакевіч. – Мн.: БелЭн, 1996. – 527 с.: іл.
  6. https://pamyat-naroda.ru/heroes/person-hero90986683/?backurl=%2Fheroes%2F%3Fadv_search%3Dy%26last_name%3D%D0%9F%D0%B5%D1%82%D0%BA%D0%B5%D0%B2%D0%B8%D1%87%26first_name%3D%D0%93%D0%B5%D0%BE%D1%80%D0%B3%D0%B8%D0%B9%26middle_name%3D%D0%92%D0%B0%D1%81%D0%B8%D1%8C%D0%B5%D0%B2%D0%B8%D1%87%26date_birth_from%3D07.04.1907%26static_hash%3D0d41261a8d29ca3c4966cb005d92bbf8v2%26data_vibitiya_period%3Don%26group%3Dall%26types%3Dpamyat_commander%3Anagrady_nagrad_doc%3Anagrady_uchet_kartoteka%3Anagrady_ubilein_kartoteka%3Apdv_kart_in%3Apdv_kart_in_inostranec%3Apamyat_voenkomat%3Apotery_vpp%3Apamyat_zsp_parts%3Akld_ran%3Akld_bolezn%3Akld_polit%3Akld_upk%3Akld_vmf%3Apotery_doneseniya_o_poteryah%3Apotery_gospitali%3Apotery_utochenie_poter%3Apotery_spiski_zahoroneniy%3Apotery_voennoplen%3Apotery_iskluchenie_iz_spiskov%3Apotery_kartoteki%3Apotery_rvk_extra%3Apotery_isp_extra%3Asame_doroga%26page%3D1%26grouppersons%3D1&search_view_id=smperson_guk1065926994

Дадатак

I:\2022 КОНФЕРЕНЦИИ\ПЕТКЕВИЧ\петкевич фото\IMG-0dc8828b6083b61b89d2aa21d0b0fc3e-V.jpg

Партрэт Г.В. Пяткевіча.

Падарунак ад выбаршчыкаў

в/ч 31725. Гродна, 1950 г.