ДУА “Сеніцкая сярэдняя школа імя Я.Купалы”

Мінскага раёна Мінскай вобласці

Эпісталярнае эсэ

“Ліст да настаўніка”

                                                                       

                                                                          Выканала вучаніца 10 “А” класа

                                                                          Дубовік Уладзіслава Віктараўна.

                                                  П.Юбілейны, вул.Палявая,

                                          д. 3”А”, кв.51

                                                       тэл. 8-029-316-59-65

Сеніца, 2017

Наш дарагі настаўнік.

Калі мы ўпершыню сутыкаемся з Вамі, нам усім, хочам мы таго ці не, даводзіцца мірыцца з адной неабсяжнай і непазбежнай ісцінай, якая непахісная ў сваім існаванні, як граніт. Нас шмат. Два дзясяткі галоў паварочваюцца на гук адчыненых дзвярэй, і два дзясяткі галасоў адказваюць Вам на вашае прывітанне. Чатыры дзясяткі вачэй супраць Вашых двух.

Ісціна ў тым, што нас заўсёды шмат, і мы ўсе абсалютна розныя: ёсць высокія, нізкія, худыя і поўныя, смуглявыя, бледныя, кучаравыя, рудыя; ёсць вясёлыя, нервовыя, адкрытыя, хмурныя; ёсць шкадлівыя, разумныя, трохі нетутэйшыя... Ёсць такія, як Вы, ёсць зусім іншыя, але ўсе мы Вашыя з той самай хвілінай, калі першае  Ваша слова дакранулася да нас. Магчыма, гэта і не відаць, але мы ведаем, што Вас на ўсіх не хапае. Што Вы таксама стамляецеся, што Вам таксама бывае цяжка і што наша неразуменне і няведанне могуць рабіць балюча, таму што Ваш прадмет ─ гэта частка Вас саміх, частка, якой Вы дзеліцеся з намі бескарысліва і бязмерна.

Вельмі многае не відаць за нашымі доўгімі грыўкамі, апушчанымі павекамі і сэнсарнымі экранамі. Вельмі многае забыта за сцяной нашай нерашучасці, уражлівасці і дзіцячай разгубленасці. Сапраўды, вельмі многае. Таму што часам наш мозг працуе па-іншаму. І мы проста не можам сказаць, наколькі важна для нас Ваша адабрэнне, што Ваш энтузіязм запальвае ў нас пачуццё ўпэўненасці, а адсутнасць Вашых крокаў у належны час за дзвярыма ўспрымаецца хутчэй як пагроза, чым палягчэнне. Мы не можам сказаць, як упіваемся Вашымі поспехамі, захапляемся Вашай вытрымкай і як паважаем Вашу адданасць нам. Мы не прызнаёмся, што вінавацім сябе ў сваіх дрэнных адзнаках, што баімся засмуціць Вас і што трошачкі ўлюбёныя ў Вас. Кожны па-свойму.

І мы не дрэнныя, праўда. Хай гэта не заўсёды зразумела, але мы сапраўды хочам слухаць Вас і вучыцца. Усё яшчэ хочам лавіць рух Вашых рук, змены Вашага голасу і непахіснасць Вашай валявой спіны. І мы не прэтэндуем на роўнасць з Вамі, таму што самі да канца яшчэ не разумеем, што гэта. Роўнасць здаецца дзіўным і павабным словам, пад якім мы памылкова маскіруем сваю патрэбнасць быць заўважанымі, любімымі і важнымі ў Вашых вачах. Асабліва ў Вашых.

А маскіруемся мы старанна, з года ў год шліфуючы свой абраны вобраз. Ён здаецца нам надзейным, моцным, трывалым, і гэта перашкаджае зразумець, што паступова мы ператвараемся толькі ў дзікія, непрыручаныя адгалоскі саміх сябе. І вось Вы ўжо не бачыце нас. Не верыце, што не ўсе з нас прыкідваюцца. Але ёсць тыя, хто зусім не глядзіць на Вас, але цалкам чуе кожнае слова. Хто гушкаецца на стуле, круціць галавой і штосьці  цярэбіць у руках, каб заставацца ўважлівым да кожнай дробязі. Ёсць іншыя, якіх мы цягнем за сабой, ператвараючы нас усіх у Вашых ворагаў. Калі ніхто з нас ніколі не хацеў варагаваць з Вамі.

Мы не жадаем Вашых сціснутых вуснаў і болю ў Вашых вачах, не хочам прадузятасці і нецярпення. Не жадаем, але шчацінімся, гыркаем і агрызаемся. Сцвярджаем, што мы не гультаяватыя і што Вы патрабуеце занадта шмат. А Вы ведаеце, што гэта не так. І мы дазваляем сабе зларадна парадавацца, калі Вы не верыце каму-небудзь яшчэ. Але потым нам балюча, бо хтосьці  ўжо сапраўды робіць усё, што можа. І мы не жадаем варагаваць з Вамі, калі Вы, амаль уцякаючы, пакідаеце клас. Мы не жадаем, таму што ведаем, што Вы жадаеце нам дабра. І абавязкова прызнаем гэта. Калі-небудзь.

Як зараз, шэптам, калі мы прыкладаем палец да вуснаў і старанна адводзім вочы, каб не заліцца пунсовай фарбай.

Дазвольце нам любіць Вас. Па-дзіцячы шчыра і па-даросламу моўчкі. За ўсмешкі, за ўпэўненасць, за разуменне. Дазвольце нам любіць Вас. І мы спынімся, прыручымся, і тады, магчыма, і Вы зможаце палюбіць нас.

З павагай, Вашы вучні.

.