Інфармацыя падрыхтаваная мэдыя-службай Грамадзкага руху «Дзея»

facebook.com/dziejaby

dziejaby@gmail.com

Актывіст «Дзеі» атрымаў бюлетэні 3 разы

Кожны год падчас выбараў назіральнікі паведамляюць пра так званыя «выбарчыя каруселі» — выбарчую з’яву, калі групы асобаў, звычайна з аднаго працоўнага калектыву, перасоўваюцца па ўчастках акругі і паўторна галасуюць за «кандыдатаў ад улады». Актывіст Грамадзкага руху «Дзея» Дзяніс Краўчук вырашыў прыкінуцца такім «карусельшчыкам» і прагаласаваць некалькі разоў на ўчастках акругі, да якой ён не належыць. У яго атрымалася — ажно тры разы.

Пра існаваньне «выбарчых каруселяў» вядома даўно, але ўпершыню атрымалася атрымаць доказы і ў дэталях раскрыць схему фальсыфікацыяў, якія кожныя выбары арганізоўвае ўлада.

У адным з беларускіх Telegram-каналаў з’явілася наступнае паведамленьне ад Марыі (імя зьмененае, арфаграфія і пунктуацыя захаваныя):

Администрация школы поставила пометку в моем паспорте и попросила явиться на четыре избирательных участка в округе, к которому я не отношусь, и проголосовать за желательного кандидата вместо незнакомых мне людей.
Дело было так: я приходила на избирательный участок, показывала комиссии свой паспорт. Штампа прописки, который относил бы меня к этому участку, разумеется, не было. Комиссия замечала пометку и давала мне расписаться в списке о получении бюллетеня напротив имени избирателя, которое, разумеется, не совпадало с моим и не было мне знакомо. Я ставила дату и подпись — везде свою, — получала бюллетень, голосовала и опускала его в урну. И так на четырех участках. Вместе со мной участки обходили и другие сотрудники школы.

Мы зьвязаліся з Марыяй і атрымалі фотаздымак паметкі ў пашпарце, якую паставіла адміністрацыя школы (фотаздымак адрэдагаваны для захаваньня ананімнасьці крыніцы):

Лічбы «179» адпавядаюць нумару школы, у якой працуе Марыя — гэта сярэдняя школа №179 у Менску. Марыя паведаміла, што 15 лютага яна пабывала на ўчастках у кожнай школе на тэрыторыі 34-й Кунцаўшчынскай акругі: у школах №185 і №201, а таксама гімназіях №4 і №39.

«
Нічога не абяцалі, учора (14 лютага — заўв.) сказалі ўзяць сёння пашпарт. Гэту работу ніяк не называлі, толькі растлумачылі, што рабіць, і паслалі на ўчасткі», — расказала Марыя пра акалічнасьці таго, як яна была ўцягнутая ў фальсыфікацыю.

Актывіст Грамадзкага руху «Дзея» Дзяніс Краўчук вырашыў праверыць, ці атрымаецца ў яго прыкінуцца такім настаўнікам і атрымаць бюлетэні на ўчастках акругі, да якой ён не належыць. Дзяніс нанёс у свой пашпарт пад пазнакай аб рэгістрацыі такую ж паметку, як на фота, што даслала нам Марыя.

15 лютага Дзяніс прыйшоў на выбарчы ўчастак, які знаходзіцца ў гімназіі №4 са сваім пашпартам і атрымаў бюлетэнь за іншага чалавека, у дакладнасьці так, як гэта апісала Марыя. Актывіст зьняў гэта на відэа, зь якога, нажаль, ня бачна, што менавіта адбывалася на ўчастку.

На наступны дзень, 16 лютага, Дзяніс вырашыў паўтарыць гэтую схему на двух іншых участках, у школах №185 і №201. Зноў у яго атрымалася атрымаць бюлетэні за іншых людзей, а ўвесь працэс быў зьняты на відэа:

Школа №185: https://drive.google.com/open?id=1diNGBtVV3bkWv0GaXpOHGyvMioQ0lmVF

Школа №201: https://drive.google.com/open?id=1GdaTAqUjb-EuR0wzslpHE9hSCfqt5XeR

У канцы апошняга відэа Дзяніс зьвяртае ўвагу камісыі на той факт, што ён толькі што атрымаў бюлетэнь на ўчастку акругі, да якой не належыць.

На выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў 2018 актывіст атрымаў бюлетюні тры разы, і можа атрымаць яшчэ раз, па месцы сваёй рэгістрацыі.

Дадатковую інфармацыю пра досьвед Дзяніса можна атрымаць па тэлефоне: +375336327250 (Дзяніс Краўчук)

Мэдыя-служба Грамадзкага руху «Дзея»: +375 29 2977360