Генэральнаму дырэктару

СТАА «Мабільныя ТэлеСыстэмы»

Карповічу У. С.

/пр-т Незалежнасьці, 95

220043, Менск/

ад _________________________________

(прозьвішча, ініцыялы)

____________________________________

(зваротны адрас)

____________________________________

 

____________________________________

 

Паважаны Уладзімір Сігізмундавіч, зьвяртаюся да Вас як да генэральнага дырэктара СТАА "Мабільныя ТэлеСыстэмы" зь вельмі важным для беларусаў пытаньнем і прапановаю.

Ваша кампанія працуе на беларускім рынку ўжо шмат гадоў і зарэкамэндавала сябе, як вельмі адказны і прафэсійны партнэр. Тым ня менш мяне, як беларускамоўнага карыстальніка паслуг Вашай сеткі, вельмі хвалюе адсутнасьць магчымасьці паўнавартасна атрымліваць паслугі Вашай кампаніі на сваёй роднай мове.

Паводле артыкулу 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь беларуская мова зьяўляецца дзяржаўнаю моваю ў краіне, аднак дагэтуль паслугі вашае кампаніі прадстаўляюцца толькі па-расейску ды на ангельскай мове. Вельмі прыемна, што існуе беларускамоўная вэрсія афіцыйнай старонкі Вашай кампаніі ў Інтэрнэце (хоць і ня ўсе яе функцыі даступныя ў беларускамоўным варыянце). Аднак большасьць карыстальнікаў Вашай сеткі зьяўляюцца ўсё ж такі не наведвальнікамі сайту, а карыстальнікамі галасавых паслуг. Абанэнцкая база Вашае кампаніі налічвае больш за тры мільёны карыстальнікаў. Натуральна, што велізарная колькасьць зь іх зьяўляюцца носьбітамі беларускае мовы. Падчас апошняга перапісу каля 85% насельніцтва роднай мовай назвалі беларускую. Думаю, што сярод карыстальнікаў паслуг Вашае кампаніі гэтыя лічбы будуць падобнымі. Упэўнены, што калі яны пачуюць у слухаўцы родную мову, павага да Вашае кампаніі і жаданьне карыстацца яе паслугамі ў іх толькі ўзрасьце.

Ужо даўно ні для каго не зьяўляецца сакрэтам, што беларуская мова ёсьць знакам элітарнасьці. Буйнейшыя кампаніі сьвету пры прасоўваньні сваіх прадуктаў на беларускім рынку абіраюць беларускую мову. Сацыялягічныя апытаньні і апытаньні на старонках буйнейшых інтэрнэт-сайтаў сьведчаць на карысьць беларускай мовы. Да таго ж некаторыя мабільныя апэратары сотавай сувязі ў Беларусі ўжо выкарыстоўваюць у сваёй працы з кліентамі беларускую мову.

Таму я заклікаю Вас зрабіць узаемавыгадны крок насустрач вашым кліентам і пашырыць выкарыстаньне беларускае мовы ў нашых з Вамі стасунках. Вельмі спадзяюся, што ўжо ў найбліжэйшы час галасавая інфармацыйная сыстэма МТС будзе мець магчымасьць задаволіць патрэбы беларускамоўных карыстальнікаў. Мне і многім маім сябрам, як і мільёнам іншых беларусаў, што часам ня могуць датэлефанавацца да сваіх родных ці знаёмых, у дадатак да звыклых "Абонент временно не доступен, перезвоните позже" і "The subscriber is not available now, please, call back later" будзе вельмі прыемна пачуць хоць і несуцяшальнае, але ж роднае "Абанэнт часова не даступны, ператэлефануйце, калі ласка, пазьней".

Прашу апавясьціць мяне аб прынятым Вамі рашэньні ў адпаведны закону тэрмін.

 

 

_____________________                                                                                      _____________________

(дата)                                                                                                                                                                              (подпіс)